КІСЛАРО́ДНАЯ ТЭРАПІ́Я, аксігенатэрапія,
выкарыстанне кіслароду ў лекавых мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Уваходзіць у склад тэрміновай, амбулаторнай ці стацыянарнай мед. дапамогі. Накіравана на папярэджанне развіцця ці ліквідацыю адмоўных вынікаў гіпаксіі; выкарыстоўваецца як асн. або спадарожны сродак аэразольтэрапіі, баратэрапіі, клімататэрапіі, рэанімацыі і інш., эфектыўная пры лёгачных і сардэчна-сасудзістых хваробах, траўматычным і шокавым стане, гангрэнах, некат. вострых атручэннях, парушэннях дыхання і кіслароднага балансу ў арганізме, вышыннай хваробе, таксікозе цяжарных і інш. Асн. метады К. т.: інгаляцыі кіслародна-паветраных сумесей, штучная вентыляцыя лёгкіх (актыўная ці пасіўная, пры дапамозе кіслародных падушак, спец. кіслародна-дыхальных апаратаў і без іх). Складаныя метады К. т. накіраваны на карэкціроўку абмену рэчываў, стабілізацыю працэсаў дыхання.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)